НАВІГАЦЫ́ЙНЫЯ А́КТЫ (Navigations Acts),
у 14—19 ст. пастановы англ. парламента, якія выдаваліся з мэтай абароны марскога гандлю Англіі ад замежнай канкурэнцыі. Першы Н.а. прыняты ў 1381. Выдадзены 9.10.1651 «Акт аб павелічэнні гандлёвага флоту і падтрымцы мараплавання англійскай нацыі», які ўстанавіў, што тавары з Азіі, Афрыкі і Амерыкі трэба ўвозіць у Англію і яе ўладанні толькі на англ. суднах, а еўрап. тавары — на англ. суднах або суднах краіны-экспарцёра, быў накіраваны супраць галанд. пасрэдніцкага гандлю і рыбалоўства і прывёў да англа-галанд. марской вайны 1652—54 (гл. Англа-галандскія войны 17 стагоддзя). Пасля паражэння ў вайне Нідэрланды вымушана прызналі акт 1651. Палажэнні гэтага акта захаваліся ў актах 1660, у т.л. «Акт аб падтрымцы і развіцці караблебудавання і мараплавання», і ў 1663, якія патрабавалі, каб у англ. калоніі тавары перавозіліся толькі на англ. суднах і забаранялі экспарт шэрагу тавараў з калоній за мяжу; яны далей развіты ў актах 1672 і 1696. Н.а. адыгралі вял. ролю ва ўмацаванні марскога гандлю Англіі, але сталі непатрэбнымі пры пераходзе да свабоднага гандлю — фрытрэдэрства і адменены ў 1849.
т. 11, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)